Новости Карта сайта Обратная связь Главная
Рус    Eng    Deu    Pol

Культура и наследие Лельчицкого района

Культурна – матэрыяльная
і духоўная спадчына Лельчыцкага раёна. 
   Кожнаму чалавеку і кожнаму народу, каб жыць асэнсавана і з дастойнасцю, трэба пазнаць сябе, разумець сваё месца ў міры прыроды, другіх людзей і народаў.  
   Самабытнасць і духоўны патэнцыял і ёсць тое самае цэннае, чым кожная нацыя цікава ўсяму міру. Лельчыцкі раён – унікальны рэгіён Гомельскага Палесся. Гэта кладзезь захаваўшыхся элементаў славянскай культуры: народных свят і абрадаў, фальклору, раместваў. У весках раёну ёсць язычніцкія і хрысціянскія святыні. Людзі беражліва захоўваюць іх, як і легенды, паданні звязаныя з гэтымі мясцінамі.
  Старое можа быць “новым” і нават … цікавым.
  Так напрыклад адным з рытуальных сакральных цэнтраў вескі Данілевічы з’яўляецца каменны ідал, ці як яго называюць “Каменная дзевачка”. Такі ж камень знаходзіцца і непадалёку ад вёскі Баравое нашага раёну. Мясцовыя жыхары ўпэўнены, што гэтыя камяні калісьці былі людзьмі. Ужо некалькі вякоў існуе аб ім паданне і ў вёсцы, кожны год, на Вялікдзень, праходзіць рытуальны аброчны абрад. Прапануем вам здзейсніць вандроўніцтва ў сівую глыбіню вякоў і далучыцца да старажытнай традыцыі.  
(відэафільм “Каменныя дзевачкі”) 
 (відэарад пра Цар-дуб)  
“Цар - Дуб”
  Наш Лельчыцкі край унікальны і непаўторны сваёй прыроднай прыгажосцю, у гэтым не аднойчы упэўніваліся тыя, хто наведваўся сюды пагасцяваць, ці проста адпачыць ад гарадской суматохі.
  Жыхары нашага раёна прывыклі да родных прастораў, да лясных масіваў, таму часамі і не заўважаюць ў якой прыгажосці яны жывуць. А нам ёсць чым пахваліцца, ёсць сваё адметнае, ёсць свая спадчына, ёсць свае помнікі прыроды, якія маюць рэспубліканскае значэнне.
  І адным з такіх помнікаў значыцца “Дрэва вечнасці”, “Цар - Дуб”, які стаіць непадалёку ад вёскі Данілевічы, у Прыпяцкім запаведніку. Гэты велікан стагоддзямі здзіўляе і радуе сваёй магутнасцю жыхароў і гасцей Лельчыцкага раёну. Яго памеры небывалыя: вышыня - 32 метры, дыяметр – 1,6 метра, акружнасць 4,5 метра. Нават чацвёра дарослых не могуць цалкам абхапіць ствол гэтага красаўца.
   Яшчэ некалькі гадоў таму, на свята  Тройцы, жыхары вескі збіраліся каля “Дуба”, каб успомніць пра перажытае, пагутарыць пра надзённае, ды і проста палюбавацца прыгажосцю  прыроды. Гэтыя наведванні цуда прыроды доўжацца да цяперашняга часу. А гаворка пра славуты дуб-велікан, цар-дуб, які размясціўся ў лясной глушы, ходзіць далёка за межамі Беларусі. Спецыялісты лясной гаспадаркі зацвярджаюць, што яму больш за тысячу гадоў. Цар-дуб лічыцца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння.  
    (відэарад  “Антосеў крыж”)  
   Антосеў крыж – гэта яшчэ адно сакральнае месца. Ён знаходзіцца ва ўрочышчы “Крушыннікі” – ля вёскі Глушкавічы. Даўно гэта было. Адзін з жыхароў вёскі Глушкавічы, якога звалі Антось, паехаў валамі ў лес па дровы і ехаўшы крыху задрамаў. Дарога вяла праз брод, які ніколі не перасыхаў. І трэба было такому здарыцца каб валы зайшлі ў самае глыбокае месца броду. Зхапіўся Антось і стаў паганяць валоў, а яны ні з месца. Цэлы дзень ён так прамучыўся ўжо сонца стала заходзіць, а ён ніяк не можа з выбрацца з броду. І стаў Антось маліцца Богу: “Божа, дапамажы мне выбрацца адгэтуль, а я табе за гэта аддзякую, пастаўлю на гэтым месцы крыж”.  Толькі ён сказаў гэтыя словы, як валы зрушылі з месца і спакойна выйшлі з броду.     
    На другі ж дзень Антось паехаў  у лес шукаць ладны дубочак  для крыжа. На трэці дзень да самага вечара ён майстраваў крыж. На наступны дзень, з ранку, Антось паставіў крыж  каля таго месца дзе загруз валамі. З тых даўніх часоў так і завуць гэтае месца “Антосеў крыж”. Крыж і зараз стаіць на калгасным полі, ва ўрочышчы “Арэшняк”  
 (Відэарад  па абрадаваму кірмашу “З рога – усяго многа”)  
   Духоўнае жыццё чалавека ўзбагачаецца праз далучэнне яго да традыцыйнай спадчыны свайго народа. Гэта вельмі важна для захавання новага пакалення ў павазе да свайго народа, культуры і традыцый сваёй бацькаўшчыны. 
    Адраджэнне спадчыны будзе мець выдатныя вынікі толькі тады, калі яно будзе накіравана на навучэнне і выхаванне падрастаючага пакалення.
   Мы ганарымся нашымі землякамі якія здолелі захаваць тое, што іншыя страцілі ў свой час.
   Дзякуючы адраджэнню фальклорнай спадчыны Лельчыцкага краю, у раёне стала добрай традыцыяй правядзенне раённых фестываляў, конкурсаў, аглядаў, канцэртаў, выстаў, якія садзейнічаюць падтрымцы народных песень, музыкі, танцавальнага фальклору, выяўленню новых талентаў.
   Адным з такіх мерапрыемстваў з’яўляецца раённы абрадавы кірмаш свят і абрадаў Лельчыцкага краю “З рога ўсяго многа”, які праводзіцца на конкурснай падставе, 1 раз у два гады, з 1998 году.
   Раней абрадавы кірмаш праводзўся на імправізаванай сцэне у гарадскім парку, затым практыкавалі яго правядзенне на раённай сцэне,  потым праводзілі на месцах бытавання у створаных клубнымі работнікамі музеях, кутках сялянскага быту. І зразумелі, што гэта найбольш адпавядае сапраўднасці.  
На конкурс прадстаўляюцца, як каляндарна – земляробчыя святы і абрады, так і сямейна – бытавыя
-       “Тройца” – Тонежскім СДК;
-       “Юр’я” – Слабадскім СДК;
-       “Жаніцьба коміна” – Дзяржынскім СДК;
-       “Аброчны абрад” – Данілевічскім СК-М;
-       “Дажынкі” – Астражанскім СДК;
-       “Гуканне вясны” – Буйнавіцкім і Сіманіцкім ЦКД.
-        “Провады ў армію” - Мілашавіцкім СДК;
-       “Першае купанне дзіцяці” - Буда – Лельчыцкім СДК;
-       “Улазіны” – Глушкавіцкім СПК;
-       “Хрэсьбіны” – Сярэдне – Печанскім СК;
-       “Вяселле” – Сін Польскім СК;
 -       “Выпечка караваю”, “Суканне вясельнай свячы” – Нова – Палесскім СК;
-       “Выкуп ёлкі” – Ліплянскім СДК і інш.  
   Народныя святы і абрады Лельчыцкага краю працягваюць сваё жыццё ў натуральным асяроддзі, да іх далучаюцца дзеці і моладзь: 17 дзіцячых калектываў народнай творчасці, якія працуюць у раёне, з вялікім задавальненнем прымаюць удзел у традыцыйных народных святах і абрадах сваёй мясцовасці: “Каляды”, “Стрэчанне”, “Чырочка”, “Тройца”, “Купалле”, “Зажынкі”, “Дажынкі”, “Засеўкі” і інш.
   Хочацца дадаць, што апошні абрадавы кірмаш адбыўся ў верасні гэтага году,         у час святкавання Дня Горада, праводзіўся ён на адкрытых пляцоўках  у гарадскім парку культуры і адпачынку. Звычайна кожны сельскі Савет на свяце прадстаўляе свой адметны падворак, на якім і праходзяць абрады бытуючыя ў той ці іншай мясцовасці.
    У дальнейшым мы плануем праводзіць абрадавы кірмаш у аграсядзібах і сельскіх турыстычных зонах. Па ўзгадненню з іх гаспадарамі кірмаш будзем праводзіць у залежнасці ад той, ці іншай пары года: зімовыя – у зімні перыяд, веснавыя – вясной і гэтак далей. 
     (відэарад пра песні в.Новае Палессе)
    Шмат можна гаварыць і аб нашай беларускай песні “Песня – люстэрка народнага жыцця у якім адбіваюцца паняцці і пачуцці народа пры розных жыццёвых абставінах. З песен можам даведацца і пра народную радасць, і гора, пра жаданні і захапленні. У песні мы чуем і ўсе аб  чым баліць, і аб чым хочацца падзяліцца з іншымі.”  
   Песенная культура Гомельскага Палесся мае глыбокія (узыходзячыя яшчэ да часоў княства Тураўскага) агульнаславянскія карані і разам з тым мае яскрава выражаныя рэгіянальныя і лакальныя асаблівасці. Яны выяўляюцца ў перавазе і асаблівым развіцці асобных песенных жанраў і жанрава-тэматычных груп, у лакальным асэнсаванні агульнабеларускіх песенных жанраў. Яны ж праяўляюць сябе у характары мелодый песень, якія бытуюць у розных кутках рэгіёна, асаблівасцях інтаніравання, у традыцыях гуртавога і адзіночнага спявання, народнай тэрміналогіі. 
    Наш Лельчыцкі раён спакон вякоў славіцца сваімі талентамі, тут кожны куточак, куды не пойдзеш пяе, а вёска Новае Палессе, якая  раней называлась Каросцін гэта невычэрпная крыніца народнай творчасці, унікальнага песеннага рэпертуару, адметнага выканаўчага стылю з яго своеасаблівым тэмбравым каларытам і характэрным артыкуляваннем. У гэтых якасцях спеву раскрываецца мясцовая дыялектная спецыфіка, непаўторнасць моўных гаворак Лельчыцкага рэгіёну.                   Уражваюць сваёй прыгажосцю, непаўторнасцю, старадаўнія песні гэтай вёскі, ў выкананні фальклорнага калектыву Палесскія Напевы. Народная песня прыйшла да удзельнікаў калектыву з часоў глыбокай старажытнасці. Песенная творчасць вёскі Новае Палессе жыве, надзейна і беражліва захоўваецца народнай памяццю, перадаецца з пакалення ў пакаленне. Таму невыпадкова у маі мінулага года блоку старадаўніх песень вескі Новае Палессе быў нададзены статус гісторыка – культурных каштоўнасцей Беларусі.
    Цяжка знайсці словы каб апісаць, расказаць аб песнях, якія спяваюць у вёсцы – іх трэба слухаць. 
 ( слайд з песняй “ Ой, гуляйце дзеўкі”)- паступова мікшыруецца
    У якасці самых яскравых і адметных для традыцыі в.Новае Палессе можна адзначыць наступныя моманты:
- добрая захаванасць найбольш старажытнага пласта мясцовай песеннай культуры: абрадавых песень (асабліва веснавых карагодных, жніўных, вясельных) і раннетрадыцыйнай лірыкі;
- звязаная з гэтым  спецыфіка выканання такіх песень, якая патрабуе валодання разнастайнымі манерамі і тэхнікамі ў залежнасці ад жанра песні.  
   Найбольш складаным і спецыфічным выканальніцкім стылем, якім валодаюць спявачкі вёскі новае Палессе, з’яўляецца імправізацыйны стыль rubato. Яго сутнасць выяўляюць жніўныя песні, а таксама ўзоры раннетрадыцыйнай лірыкі. Гэта асаблівы музычна-стылявы тып, дзе яскрава выяўляецца рэчытатыўны пачатак, сувязь спеваў і прамаўлення тэксту песні, а таксама арнаментыка мелодыі -  своеасаблівае яе ўпрыгожванне такімі выканальніцкімі прыёмамі, як уздрыгванне голасу на адным гуку, фаршлагі, глісанда.
   (слайд з песняй “ Ой, там за тыном”)
    Такім чынам можна адзначыць, што народна-песенная творчасць вёскі Новае Палессе захавала да нашага часу ў жывым бытаванні не толькі песні розных гісторыка-стылявых пластоў і рознага грамадскага прызначэння, але і імправізацыйны стыль rubato – адзін з найбольш старажытных і складаных для выканання палескіх спеўных стыляў.  
    На прыканцы свайго выступлення хочацца адзначыць, што сёння становіцца ўсё болей асэнсаванай жыццёвая неабходнасць вяртання   гісторыка-культурнай спадчыны ў побыт, у паўсядзённую культуру зносін,  у наш духоўны мір. Праз традыцыйную культуру адраджаецца душа чалавека, душа беларуса, душа нацыі.        
    Энергетычнае поле традыцый прыцягвае не толькі нашых суайчыннікаў, але і людзей з-за мяжы.
    І паколькі галоўная тэма сённяшняга семінара “Карпаратыўнае супрацоўніцтва па развіццю і абслугоўванню сельскіх турыстычных зон”,  то хочацца дадаць, што супрацоўніцтва работнікаў культуры з гаспадарамі аграэкасядзіб можа садзейнічаць пашырэнню колькасці людзей далучаюшчыхся да жыватворных вытокаў  фальклора, абрадаў, святочнага  народнага жыцця.   


    Матэрыял падрыхтаваны раённым метадычным цэнтрам аддзела культуры Лельчыцкага райвыканкама. Дырэктар – Некрашэвіч Тамара Мікалаеўна
Достопримечательности
Сортировать поГородам Объектам
далее ...
Гомельщина Туристическая
Культурные объекты
Гостиницы
Рестораны
Санатории

Карта области
Карта области

г. Гомель